ГЕ́СА ЗАКО́Н,

асноўны закон тэрмахіміі: цеплавы эфект хім. рэакцыі залежыць толькі ад прыроды і стану зыходных рэчываў і канчатковых прадуктаў і не залежыць ад колькасці і характару прамежкавых стадый у сістэме. Адкрыты эксперыментальна Г.І.Гесам у 1840. З’яўляецца адной з формаў закону захавання энергіі для сістэм, дзе адбываюцца хім. рэакцыі пры пастаянным аб’ёме ці пастаянным ціску. Карыстаюцца Геса законам для разліку цеплавых эфектаў працэсаў, якія цяжка ці практычна немагчыма ажыццявіць, на аснове эксперым. даных для інш. працэсаў.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)